ТУПА́К АМА́РУ II [сапр. Кандарканкі (Condorcanqui) Хасэ Габрыэль; 1738 або 1740—18.5.1781],
кіраўнік найбуйнейшага антыісп. паўстання індзейцаў у Перу. Паходзіў з індзейскай арыстакратыі, звязанай сваяцтвам з дынастыяй правіцеляў імперыі Таўантынсую. У ліст. 1780 абвясціў аднаўленне інкскай дзяржавы, а сябе — яе вярх. правіцелем пад імем Т.А. II у гонар апошняга інкскага правіцеля Тупака Амару. Паўстанне ахапіла ўсю паўд. ч. віцэ-каралеўства Перу і амаль усё Ніжняе Перу (цяпер Балівія), дзе паўстанцамі кіравалі браты Катары. Пасля няўдалай спробы авалодаць г. Куска Т.А. II разгарнуў супраць іспанцаў партыз. вайну. У крас. 1781 узяты ў палон іспанцамі і пакараны смерцю разам са сваякамі і паплечнікамі; паўстанне канчаткова задушана да 1783. Ушаноўваецца ў Перу як нац. герой.
Літ.:
Созина С.А. Тупак. Амару — великий индейский повстанец, 1738—1781. М., 1979.
т. 16, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)